Гэткае адчуванне, што да мяжы засталося гадзіны дзве,
як тады, калі на ялінках у Беластоку расквіталі гірлянды;
ты чуеш, як малазнаёмая мова гудзе ў галаве,
як булькае ў торбе чароўны напой з Ірландыі.
А недзе ЖЖ-карыстальніца з немаўлём піша сваю ідылію,
і цішыня, падзяляючы вашыя словы, здаецца няспыннай;
покуль ты, нібыта вясляр акадэмічнага стылю,
набіраеш хуткасць наперад спінай
у intercity ў адным вагоне з аматарамі палення,
і на ролю ахвяры табе пасаваў бы любы, —
але недзе там немаўля, седзячы ў яе на каленях,
смяецца табе здалёк на ўсе чатыры зубы.
І ты дасылаеш ёй словы, якія не будуць страляць гарматай,
але павольна дзейнічаць далікатна запаранай зялёнай гарбатай,
каб яна ад іх не заплакала, на смех усяму тралейбусу,
сярод падагрэтага зусім не зялёнай гарбатай плебсу.
Каб вершы чыталіся лёгка ў лістах і далучаным “вордзе”,
не палілі агнём і не студзілі як лёд,
каб, робячы перасадку ў незнаёмым аэрапорце,
яна, зачытаўшыся, не спазнілася на самалёт.