Штогод поле робіцца маладой.
Пад тонкім вэлюмам снегу,
пад строгім наглядам традыцый.
Яго расчэсваюць граблямі,
разгладжваюць плугамі
і апладняюць.
Поле расце. Поле цвіце.
Закусвае сухія вусны разораў,
слухае сэрцы маленькіх бульбін
пад кожным калівам.
Поле не можа ўстаць,
ляжыць распластаная, капрызная
ў пустазеллі й бацвінні.
Просіць сонца. Просіць вады.
Увосень парадзіха ўздрыгне
ад першага холаду,
скаланецца апошняй грымотай;
і паскачуць, пасыплюцца
ў кашы яе круглыя дзеці.
Апусцелае поле выдыхне.
і заплюшчыць земляныя вочы.
Спі спакойна, старая.
Хутка зноў прачынацца.