Я хацеў бы жыць на востраве,
невялікім, але каб трымаўся моцна
ў водах поўначы.
Толькі каменне. Няма пяску.
І вецер дзён трыста на год.
Мора б ільдом не закрывалася,
але паром прыходзіў бы зрэдку.
Раз на сто дзён, і тое –
толькі на паўгадзіны.
Па-за свядомасцю terrae.
Тут жыў бы маленькі, але ганарлівы народ.
Са сваім каралём.
Старым алкаголікам.
Без запалак заўжды і табакі.
Мова была б свая, ні на што не падобная.
Зусім без зычных, ці толькі з іх.
І без слоўнікаў і нормаў,
што запісалі ў кнігі.
З турыстамі размаўлялі б мы
па-ангельску, але вельмі рэдка.
Вецер з дзяцінства тут
вучыць людзей маўчаць.
Таму кожны разлічвае на сябе
і ў выніку перамагае.
Я працаваў бы ў бібліятэцы.
Шмат пылу і думкі мёртвых людзей.
Самы дасведчаны чалавек на выспе
і, можа быць, самы разумны.
З паромам прыходзіла б новая партыя,
і яе я чытаў бы тры тыдні,
пасля б перачытваў
што-небудзь старое.
Тут часта аблокі і дождж,
і няма ліхтароў на вуліцах.
Затое шмат птушак, мне невядомых,
якія забаўна крычаць,
але ўсё разумеюць.
Нядзелямі я сядзеў бы не беразе ў крэсле
і глядзеў бы, да прыкладу, на аблокі,
якія ляцелі б, скажам, на поўдзень,
і разумеў бы, што так далёка мне не трапіць.
Вечарамі аб’язджаў бы я выспу
на ровары. Меў бы скамечанае паліто,
заламаны налева берэт
(правая частка твару хварэла б часцей,
але і жыла весялей)
і адзіную мару:
з’ездзіць у Лондан, каб у Таўэры да мяне
крумкач падкульгаў і сказаў голасам чалавечым:
“А мы ўжо і не чакалі…”
Адну ноч на тыдзень
я праводзіў бы ў сваім ложку,
у астатні час спаў бы між кнігаў,
між імі таксама і еў бы.
Я не соваўся б
у справы людзей.
Бо ім нельга дапамагчы,
нават калі яны просяць.
Калі боль у костках мне надакучыць,
я кінуся ў мора.
Казлінай крыві мне будзе не трэба:
яшчэ пры жыцці знайшоў я пустэчу.
Успамін жа пра цябе
не прыходзіць падчас Калядаў,
да святаў траўня і на Дзяды.
Але я не помню сноў, напэўна, яны твае.
Для людзей дастаткова. Тым больш для дваіх.