брат рэма воўк
залізваў ягоныя раны аж пакуль
цела не стала зямлёю
пайшоў на поўнач
устаў над шырокай ракою
воўк іншаходзец
доўга расціў горад
і калі гусі казалі яму пра га-га
воўк не слухаў
і калі сабакі спалі ў гэты час
воўк не слухаў
ён глядзеў як залатая стужка
ляціць між дамамі за дзяўчынкаю
як хтосьці ідзе па карнізе між вокнаў
як сястра забівае брата
як людзі робяць свой выбар і памыляюцца
як жонка падманвае мужа а муж прабачае
як горад скараецца і як горад не скараецца
воўк не стаміўся глядзець
воўк не стаміўся плакаць
влтава цячэ ніжняй халоднай плыняй
хвост б’е па хвалях
невялічкі нязграбны воўк
воўк іншаходзец