а потым – прыйшла зіма, з тоўстым шклом пад нагамі і калючым дротам дрэваў, з хмарамі белых матылькоў і крупянымі россыпамі,
твар абпальваўся і загараўся найвышэйшым колерам светлафору і сустрэчныя машыны спыняліся ў здзіўленні, а потым доўга не маглі зрушыць, коўзаліся, а то і круціліся на месцы, як сабака, што хоча ўкусіць сябе за хвост,
звонкі металёвы грукат перамяжаўся з глухім пластмасавым, людзі выходзілі з машынаў, абмацвалі сябе і нечакана радасныя горача абмяркоўвалі пару, што выходзіла з іх роту,
словы не паспявалі замярзаць, падалі ім пад ногі і ляжалі там непрыгожыя, вычварныя; адзін чалавек пачаў як бобам сыпаць літарамі «о» – ён заплакаў
думаеце, я люблю зіму? лыжы ды канькі з мотасанямі, снег ад калена і вышэй?
не… я лепей бы перанёс Новы год на вясну, альбо на восень, каб у людзей было яшчэ болей прычынаў для радасці, і каб ім не хацелася ссякаць дзеля забавы вішню ў квецені альбо яблыню з яблыкамі, як ссякаюць яны елку альбо хвою, і на сырой траве было б ляжаць лепей, чымсьці на сухім снезе, ня толькі жанчынам, але і мужчынам
на спіне