Віктар Сямашка. Касты

Арыстакрат не зважае на этыкет
сын селяніна жарэ кнігі
улада бароніцца законам
мастакі п’юць з бандытамі
міліцыянты п’юць з бандытамі,
але з мастакамі грэбуюць
вяскоўцы выпраўляюць акцэнт,
каб пачувацца месьцічамі,
захапілі Нясвіскі палац
інтэлігенцыя танчыць паганскія танцы
хто тут можа абразіць? –
дзеці перасяленцаў, бабулі ў хустках,
міліцыянты зноў жа, калі вы – мастак
гопнікі падаліся ў АМАП, каб біць опаў
пралетарыі ў алькаголікі
габрэі ў Вялікі Яблык
ветэраны НКУС і БСМ аднолькава зьняважаныя
крыўда – тое нацыянальная рыса
пакуль дзеячы спрачаюцца вакол дэфініцыяў
спажывец спазнае адзіную ісьціну:
шырэй міса –
буйней пыса