Віктар Гамуліцкі. На белай русі (пер. В. Сёмуха)

На беларускіх гонях сонна млее ціша,
Як зольнай мглы павеў;
А ў беларускіх хатах шэпт псальма калыша
Журботнай скрыпкі сьпеў.
Тут сонца цьмяна лье праменьне,
На тварах таямніча цені
Ляжаць, як дух у затаеньні,
Што выжыць тут зумеў*.

Беларуска-дзяўчына у гнеў не ўпадае –
Рэдка пачуеш сьмех.
Затое дух упарты і моцны мае –
Анёла нізкіх стрэх.
А характар яе – статэчны,
А нораў і гонар – сардэчны,
А зарок у каханьні – вечны,
Бо ламаць яго – грэх.

Беларусы-сяляне -філёзафы долі;
Ацяжэлы ў іх крок;
Ціхія ў полі, хаце, карчме і ў касцёле,
Сонна-вялы ў іх зрок.
“Ты сьпіш, а доля пышным кветам!” –
Кажуць так тут зімой і летам –
І журботна-радасна гэтак
Плыве жыцьця паток.

У беларусаў ня любяць мяняць сумневы –
Бо і сам сьвет такі ж!
Яны з курганоў слухаюць небылі, сьпевы
І што кажа ім крыж…
Чуюць Бога ў віхураў хоры,
Бачаць Яго ў шчасьці і ў горы,
У стрэсенай громам прасторы
Шукаюць Бога звыш…

О беларуская мова! Твой сьпеўны гук будзіць
Рэха былых гадоў –
Табой усьцешаны міралюбныя людзі,
Дзеці пушчаў, садоў.
У сугуччы славянскага слова,
Ты – як песенька жаўручкова,
Шчабятушка салодкая мова –
Мядовай ліпы цьвет.

Беларуская песьня! Як гэты край сівы –
Ты сумнай песты чар;
З курганоў і магілаў твае ўсе матывы,
Зь енку сялян твой шарм…
Сёньня цьвіцеш ў забытым сьненьні,
А як майстар сьпяе ў натхненьні,
Сьвет застыне ў нямым зьдзіўленьні –
Запяе ў ім душа.

О народ беларускі! Аціхнуць навалы,
Зашумяць зноў лясы;
І загучаць у адзіным суладным хоры
Ўсіх славян галасы.
А ў ім – твой званочак вясновы,
Як золак птушынае мовы;
Мілажальны і адмысловы –
Сьпелы колас красы.