Андрэй Адамовіч. Смерць у Вільні

Месяц над мурам тваім, Яне,
лезе, лезе на неба –
знішчае зоры.
А на бруку смецце і слота.

Асцярожна па ім у завулках
за хлопчыкам,
што мае бурштыначку ў завушніцы,
крадзецца нехта ў рытме соўлу
і лічыць крокі.

Дзевяноста восем, сем,
шэсць – збіваецца.

Падае
і чуе ў той самы момант,
як б’е ў далёкі звон месяц.

Ён адыходзіць. Проста на бруку.
Ад тугі па хлопчыку і самоты.

Ты і сам гэта ведаў, Яне.