Разьвітаньне зь Вільняй


…за сто крокаў да Вострай брамы.
В. Шалкевіч

Дарагая паперка, цярпі, бо нельга дайсьці да кампутара
і да Вострае брамы ўжо не дайсьці з правінай.
Прыгадаецца з часам толькі бясконцая п’яная гутарка –
усё болей піва, радная, усё меней Вільні…

Але тут, здаецца, раней за жыцьцё пачаліся апгрэйды:
тут маюць аднолькавыя правы чалавек і ровар,
тут павольна бяз волі сплятаюцца дрэвы ў дрэды –
гледзячы на бутэлькі, узгадваеш: game over.

Тут наогул ня сумна, радная, і настальжы ня цісьне,
няўцямная нават адлегласьць ад дому.
Нядрэнна б застацца, пабачыць з’яўленьне лісьця.
Шкада, што гэтай гульні бракуе “add-онаў”*.

2007, Вільня

* – дадатак, працяг кампутарнай гульні