Полтэргайст

Зранку рукі над лэптопам
трасуцца так,
што цыгарэта падае на падлогу
зь іншага краю стала.

Адкуль яна тут?
Ты ж ня паліш дзесяць гадоў.

Відавочна, полтэргайст.
Хто яшчэ мог за адну ноч
нанесьці сюды столькі пляшак зь віном,
спаражніць іх
і параскідаць у лазенцы?

І што робіць куртка
амаль не знаёмага табе музыкі
на тваім унітазе?

І чаму ложкаў у пакоі
стала ўтрая больш, чым было?
І што за людзі сьпяць на іх зранку?

І хто скраў з тваёй галавы
амаль гатовы прыўкрасны верш,
зь якім так радасна засыналася ўначы
у пятніцу трынаццатага?

А ў суботу чатырнаццатага
рукі над лэптопам трасуцца так,
што цыгарэта падае на падлогу
зь іншага краю стала.