Калі ён плакаў ля труны музыкі,
народ – у ложку, на канапе, ля пліты, –
чакаў працягу сэрыялу; малады
аратар у думках блытаўся й рукі
куды падзець ня ведаў. У залі
абываталі ў футрах і палітонах
пазіралі, маўкліва і засмучона,
на свайго песьняра. Як казалі
ў прэсе, – “памёр ад інфаркту”.
Сьмерць, нарэшце, сталася фактам.
Па прамове аратара запанавала ціша.
Сьвіта чакала знаку. Цалкам забыўшы
на жалобу, абдумваў чарговыя пляны.
Пасьля паніхіды ехаў вячэраць да рэстарану.
люты, 2003