Петэр Хухель. Бузіна адкрывае поўні…

Бузіна адкрывае поўні,
усё пераходзіць у маўчанне,
цякучыя блікі ручая,
прапушчаны праз ваду
планетарый Архімеда,
зоркавыя знакі,
вавілонскія спачатку.

Сыне,
сынку Энкіду,
пакінуў ты сваю маці-газэль,
свайго бацьку-кулана,
сышоў за курвай ва Ўрук.
Козы-карміцелькі разбегліся.
Высах стэп.

За гарадской брамай
за сямю запорамі
павучаў цябе Гільгамэш,
пагранічны вандроўнік мiж небам i зямлёй,
як перагрызці ліну смерці.

Цёмна палаў поўдзень на цаглянай сцяне,
цёмна залегла золата ў царскай казне.
Вяртайся, Энкіду.
Чым цябе абдарыў Гільгамэш?
Панікла чало газэлі.
Пыл забіўся ў твае косткі.