У сяржанцкай вучэбцы быў адзін курсанцік, якому ня надта было каму пісаць лісты, хаця й карцела, калі ўсе навокал пісалі. Аднойчы ён наважыўся-такі ўзяцца за асадку і кавалак паперы, каб адпісаць сваёй знаёмай ці сяброўцы (ён і сам дакладна ня ведаў, хто тая дзеўчына для яго). Урачыста хлопец вывеў амаль прыгожым почыркам: “Прывітаньне!”. Аднак, паставіўшы клічнік, ён раптам сьцяміў, што страціў усялякую ахвоту да ліставаньня. Апісваць цяжкасьці курсанцкай службы яму не хацелася дый не маглося. Пакруціўшы паперчыну, хлопец уклаў яе ў капэрту ды адправіў на адрас той дзяўчыны. Гэткая “апэрацыя” здалася яму дужа пацешнай. Адрасатка добра ацаніла армейскі гумар і прыслала адказ: “Дзякуй!”