Уладзімір Сцяпан. Не пра гузікі

Гузікі бываюць розныя: на дзве дзірачкі, на чатыры, з вушкам і вайсковыя. Ад тых часоў, калі я насіў доўгі руды шынэль, засталіся ўспаміны, а з рэчаў: пачак фотакартак, якія праглядаю разы ў гады. Ножык складанчык – падарунак кухара па прозвішчы Тонкі. Гэтак, як Толік Тонкі, ні хто не мог засмажыць “маслы” і бульбу. Ён падкормліваў мяне, я зрабіў яму шыкоўны дзембельскі альбом. Не за ножык, не за смажанае мяса. А таму, што ён быў класны хахол, а я – беларус. Лязо таго ножыка стачылася, зрабілася вузкім, як звычайны аловак. Я трымаю падарунак кухара ў рыбацкай сумцы. Бо як на рацэ без нажа…

Ёсць яшчэ маленькія ножыкі – іх тры, захоўваю у ярка зялёным пластыкавым футарале. Падарунак прапаршчыка – мастака, дзіўнаватае спалучэнне слоў. Ножыкі тыя зроблены з маленькіх напілкаў, імі добра рэзаць паперу, рабіць трафарэты… Трэццяя матэрыяльная каштоўнасць – скураная пятля з карабінчыкам. У войску яе надзяюць на скураны пас, а да карабінчыка чапляюць штых-нож. Адкул, як узялася гэтая рэч – згадаць не магу. Яна служыць мне ад часоў войска. На ёй замест нажа вісяць ключы. Зручна і надзейна. Ёсць яшчэ гузік. Жалезны, з вушкам, з адціснутай зоркай. Ён ад шыняля. Рудога, доўгага. Калі да мяне прыязджала ў войска жонка ў брыгадзе быў каранцін. Сустрэчы забараняліся, а праслужыў я яшчэ толькі першыя паўгады. Калі ішоў на сустрэчу з ёй – нерваваўся. Круціў гузік. Спатканне на КПП атрымалася зусім кароткім. Наглядзецца не паспеў, каб потым бачыць яе такой ў эратычных снах. Ішоў да казармы, і адкруціў – адарваў той гузік. З ніткамі, з мясам… Не дзіва, што той пазелянелы гузік, захоўваю, як медаль.