Усё, што цікавіць майго сына цяпер, – гэта малако.
А жонка ўвесь час кажа, каб я напісаў пра Міхала верш.
Сёння яна паклала яго мне на грудзі.
І вось вельмі ж дзіўны сон прыснілі бацька і сын.
Спачатку было страшна, а пасля Міхал аддзяліў малако ад малозіва.
І ў краме мы расплачваліся малаком за малако.
І прымушалі малако шыхтавацца.
І маліліся на малако.
І абражалі малако.
І лілі малако на зямлю.
І кідалі ў малако хлеб.
А Міхал піў малако.
А я не піў, бо ад малака мяне цягне на ваніты.
А пасля я раскрыў парасон, і з неба палілося малако.
А Міхал патлумачыў, што сусветны патоп быў не вячэраю, а сняданкам.
І мы бачылі, як разлілася Вавілонская вежа.
І мы бачылі, як патанула Троя.
І мы бачылі, як Зянон сам не верыць у свае апорыі.
А Міхал сказаў, што ён верыць.
І мы ішлі па беразе акіяну.
А я трымаў далонь сына ў сваёй.
І вялікія малочныя хвалі накрывалі ўзбярэжную прысыпку.
І нітачка далягляду была нітачкаю Міхалавай усмешкі.
Я прачнуўся ад таго, што Міхал біў мяне кулаком у грудзі.
Бо ён лёгка адрознівае сапраўднае малако ад прымроенага.
Чамусьці я не хачу, каб гэты верш прачытаў мой сын.