Малая, я выйшаў з дома пасля вечаровых навінаў
якраз пачынаўся трэці пэрыяд хакейнага матчу:
канадцы па поўнай праграме пярдолілі фінаў,
ці, можа, фіны канадцаў – тыя таксама мача.
А два з паловай гады таму ты плыла ў велікодных званах,
мазала шчасце на хлеб і мне прапаноўвала лусту…
Пасля пайшла ад мяне да першага лепшага нах-
імаўца і, як відаць па мэйлах, цалкам з’ехала з глузду.
Хтосьці казаў, што ты ў інтэрнэт ходзіш, як на хаўтуры,
пасля сябе пакідаючы мёртвыя жывыя дзённікі…
І пальцы бяруць дзве актавы кірыліцы-клавіятуры,
і дрэнныя рыфмы б’юцца аб шкло манітора, як матылькі-аднадзёнкі.
Яшчэ сем дзён, нібы сем самураяў, у баявой апранасе
ідуць паўз мяне ў беспрабуднай цішы, на восьмы ж
я разумею: дзеля таго каб забыць адну вар’ятку, прынамсі
патрэбна другая вар’ятка, а дзе такіх яшчэ возьмеш?
І што там на юзэрпіку за голыя ногі? Не сцяміце.
І што там за прыгажуня смяецца ў начным трамваі
табе напаўабарота? Бо час сутыкаецца з памяццю,
час сутыкаецца з памяццю – і забівае.