Маё пакаленьне мае тых,
хто ня стаў на калені.
Сьвядомасьць не павінная
хавацца па сутарэньнях.
З аднае думкі, што не адбудзецца
зьменаў, робіцца дрэнна.
Хто сказаў, што ўздымаць
скамянелых з каленяў – дарэмна?
Я назіраю за тым,
як сьляпыя ў цемру крочаць,
я назіраю за тым,
як краіна падлічвае крываточыны –
я не пастаўлю свой подпіс
за чырвона-зялёную роспач,
бо краіна павольна
ператвараецца ў хосьпіс.
Мы – абраныя:
нам раіць краіна крывавымі ранамі,
каб не жылі падманам
і апантана свабоды прагнулі,
не былі ахвярамі і маліліся,
гледзячы ў неба сіняе,
каб ня зьнікла свабода, як некалі
крыж сьвятой Еўфрасіньні…