Яраслава Ананка. Мае хатнія духі…

Мае хатнія духі:
іх маці – твая цыгарэта.
Мае хатнія мёртвыя душы:
іх бацька – вішнёвы тытунь.
Я часова Джульета Феліні.
І часова Шэксьпіра Джульета.
Назаўжды я Джульета з балкона,
дзе вішні з акуркаў растуць.

Ты паліў на балконе.
Я на шыбе цьвіком запісала
наступную коску.
Ты паліў мае вершы
ў духмяным вішнёвым агні.
Я пасіўны курэц тваіх ягад,
таварыш Балконскі.
Я пасіўны вар’ят,
я вартую пасіўна цягнік.

Не магу зразумець аднаго:
ён зацягнуты ці зацяганы?
Ён зацяты – ён хоча
прайсьці праз тунэль.
Дым ад вішні і кветак,
як дым падарванай заганы
на чыгуначным крузе.
Як дым падарванай мяне.

Гэтай ноччу Джульету
задушаць вішнёвыя духі.
Ты паліў на балконе.
А я на тваю галаву
шэрым попелам сыпала
крохкія рукі і рухі,
і пялёсткі вішнёвага рандэву.