Слухайце!
Я ― ілжэпрарок.
Няхай частка “ілжэ” вас не турбуе ―
Я заўсёды ілгу
Дарма, што ўсё спраўджваецца.
Прадказваю лёс,
Бяру няшмат ― ад “дзякуй” да…
Вашай душы ―
У залежнасьць ад таго,
Наколькі вы хочаце пачуць праўду.
Замовамі й прываротам не займаюся,
Дзяўчынка, ён так і будзе з табой ―
Скажы мне дзякуй.
Вы не чакалі майго зьяўленьня?
Думаеце, я чакала?
Слухайце усе!
Канца сьвету НЯ БУДЗЕ!
Ён яшчэ не пачаўся.
Будзе толькі…
Карацей, жуйце сьмела тушонку з бляшанак,
Грызіце мяшкі сухароў,
Што на гарышчы, але склепу не чапайце
Дарэчы, сьмерці таксама ня будзе.
Так што можна хадзіць без касак і драбантаў,
Можаце не карыстацца кантрацэптывамі,
Бо нараджэньне таксама адмяняецца.
Радуйцеся!
Заўтра, калі прачнецеся
І забудзеце на мяне
У вас вырасьце белае й цьвёрдае за сьпінай.
Радуйцеся
Кладзіце свае душы ў гэтую торбу
Верце мне!
Я ― ілжэпрарок.