Галіна Дубянецкая. Лятавіца

Наталі Арсеньневай

— Хто ты?.. — А дзяўчына з пералётаў сініх,
зьмеціла вагеньчык, на яго й сыйшла.
У вятраным гудзе настудзіла грудзі
спраглася драбочка людзкага цяпла.

— Просім, калі ласка, да бяседы наскай —
век такія краскі не зырчэлі тут!
… ці не чараўніца зьнічкай-лятавіцай
скочыла з-над хмары зводзіць Божы люд?..

— Хіба гэта зводы, ці якія шкоды,
што камусьці крылы праз мяне ўзрасьлі?..
Хіба дзеля чмураў б’юцца між віхураў,
разрываюць яскі плеціва імглы…

… Кінула вачыма ў сутань аблачынаў —
разыйшлася клінам шэрая града…
А ў прагале вышы — плешча азярына,
лебядзёў калыша лёгкая вада.

… Заміргалі сьвечкі — павіліся рэчкі
зыркага туману, расхінулі дах,
абмінулі плынна елак вершаліны
і ўліліся хваляй у Птушыны Шлях.

…Дзесь падзелась госьця… Доўга вашамосьці
стромілі пагляды некуды туды,
дзе ў садох дасьветных пахаджае ветах,
роніць кроплі мёду з гострай барады.