Анка Упала. Купалле і Калоссе (урывак)

— Алё-алё, прывітаньне! — тэлефануе Якуб Колас Янку Купалу.

— Э-э-э-э, — крэхча Купала ў адказ.

— Ці ты не прачнуўся яшчэ?

— А, ляжу тут , — адказвае Купала кволым галаском.

— Можа, што адзначалі ўчора?

— Так, Купальле адзначалі, — адказвае Купала кволым галаском, але ў галаску чуюцца нейкія новыя ноткі, якія непрыемна казычуць Коласа дзесьці ўсярэдзіне.

— Якое-такое Купальле? (Што за назва такая падазроная? — думае Якуб пра сябе).

— Купальле — гэта сьвята ў гонар аднаго (у слухаўку чутна, як Купала ўзьнімае ўверх палец) народнага пісьменьніка! Там трэба паліць вогнішча і скакаць празь яго з прыўкраснай мадамай.

— І ты скакаў?

— Скакаў!

— І мадама скакала?

— І мадама! Прыўкрасная, паміж іншым!

— Вось жа конь табадамскі! — думае Колас і кідае слухаўку…

— Вось жа конь табадамскі! — працягвае думаць Якуб, ідучы па праспекце і засунуўшы рукі ў кішэні (на Коласе элегантны джынсавы гарнітур). — Яшчэ і з мадамай!

Колас збочвае з праспэкту Францішка Скарыны і трапляе на вуліцу Францішка Скарыны, прайшоўшы крыху, збочвае яшчэ раз у завулак Першадрукара. Там у зямлі, пад пастамэнтам помніка аголенаму Францішку Скарыну, які разьдзірае пашчу Івану Фёдараву, — абсалютова круглы, парослы смарагдавай травой уваход у нару. Мэталёвыя ягадзіцы Скарыны зіхотка блішчаць.

Тук-тук-тук! — стукае Колас у вабныя круглыя дзьверы з вэнзэлям У.К. — ніхто не адчыняе. Дзынь-дзынь-дзынь! — Якуб цягне за шнурок прыгожы бронзавы званочак.

Неўзабаве дзьверы адчыняюцца.

— Добрай раніцы, Якубе! О-хо-хо! — гаспадар дома, Уладзімер Караткевіч, у сьвежай жоўта-зялёнай кашулі і камізэльцы зь бліскучымі меднымі гузікамі прыветна ўсьміхаецца і шырокім жэстам запрашае госьця ў вітальню.

— … Такія справы, Уладзімер Сымонавіч, — распавядае Колас Караткевічу, — калі ёсьць сьвята Купальле, мусіць быць і Калосьсе!

Папыхваючы люлькамі, пісьменьнікі сядзяць у працоўным кабінэце Ўладзімера Караткевіча і запіваюць люлечны дым кавай. Сьцены і столя ў пакоі ўтвараюць круглы купал — удалая дызайнерская знаходка; праз круглае ж, як ілюмінатар, акенца, зарослае звонку дзікім агурком, на пісьменьніцкі стол ліецца ранішняе сьвятло, дзе ляжаць кніжкі: «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Ладзьдзя роспачы»…

Босы Караткевіч узьнімаецца і падыходзіць да вакна падумаць. Ступні ў яго вялікія, большыя за звычайныя, ногі парослыя мяккай курчавай поўсьцю, падэшвы шорсткія — абутак Караткевіч ніколі ня носіць, нават на дварэ. Падумаўшы хвіліну, ён кажа Якубу:

— Са сьвятам я нічым табе дапамагчы не магу, бо сьвята *Уладзімер Сымонавіч робіць шматзначную паўзу* — народнае! Во! — пальцам з прыгожа падпіленым пазногцем пісьменьнік паказвае на падваконьніку папараць-кветку ў вазоне. — А што датычна Калосься, то няма такога сьвята. *Колас апускае нос.* Але ці ўсьцешаны ты будзеш, калі сваю новую кніжку я назаву ў гонар цябе? Караткевіч бярэ са стала рукапіс, на якім напісана «Купалы пад сярпом тваім», абмаквае кончык сярпа ў чарніла, тлуста закрэсьлівае слова «Купалы» і зьверху надпісвае «Каласы». Серп урачыста скрыгоча па паперы. Па радыё гучыць уступны акорд дзяржаўнага гімну, на сьцяне пачынае біць хатка-гадзіньнік і падае, з гадзіньніка на падлогу вывальваецца зязюля, зь зязюлі ў загадзя падстаўлены гаспадаром кошык — яйка, зь яйка — новая зязюліна хатка, толькі маленькая. Далей ужо ня бачна, што адбываецца ў кошыку … Зязюля некаторы час туды ўзіраецца, потым ізноў лезе ў хатку.

***

Янка Купала нэрвова круціцца ў ложку і не разумее, што яго турбуе. Ён прыўзьнімае пярыну, але нічога пад ёй не знаходзіць. Тады ён прыўзьнімае пярыну, якая ляжыць на першай пярыне, але таксама нічога там не знаходзіць. Такім чынам ён прыўзьнімае трыццаць восем пярынаў і пад апошняй Ян Дамінікавіч знаходзіць гарошыну, якую кладзе ў рот і зьядае. І тады Купала зноў кладзецца ў ложак. Але зноў штосьці яго турбуе. Купала разумее, што яму не палепшала, але не разумее чаму.