Ліпень схіляецца да свайго пышнага фіналу. Вольга Францаўна Пакемонава, маладая дваццацідвухгадовая выхавацельніца дзіцячага садка № 3 горада N. стомлена выцірае пот з натруджанага ілба. 56 дзяцей малодшай групы паклала яна сёння спаць, а потым вывела на прагулку. Мы сядзім з ёй пад шатамі старых яблынь, у прыемнай у такія спякотныя дні прахалодзе. Побач, у прасторнай, сучаснай пясочніцы 20х20 метраў са светлымі хваёвымі парэнчамі (падарунак мясакамбінату, якія мае над садком шэфства) гуляюць у “кашу-малашу” Вользіны выхаванцы.
— Якія планы на будучыню, Вольга? — пытаюся я у маладой жанчыны, сакратара мясцовай ячэйкі БРСМ, сталую госцю дошкі гонару.
— Планы самыя аптымістычныя, — адказвае Вольга, маладымі белымі зубамі разгрызаючы сакавіты яблык, пырскі якога застаюцца ў мяне на твары. Думаю, што гэта не мяжа. Заўтра я планую вывесці на прагулку 57 альбо нават 58 дзяцей. Падлучым сярэднюю групу.
— То бок ёсць рэзервы?
— Ёсць, — упэўнена сцвярджае Вольга, і яе твар нібыта святлее. — Ёсць, ёсць рэзервы.
Мяккай шырокай далонню яна па-мацярынску заляпляе па жопе аднаму з падапечных. Другая яе далонь дае ўкусіць яблыка іншаму выхаванцу.
І верыцца ў тое, што у Вольгі ўсё атрымаецца.