ноч зазірае ў вокны
пільным ліхтарным зрокам
бацькаў прыймач паўсонны
трызьніць рачным чаротам
вее шыпшынаю й кропам
з маміных мрояў
водгук самотных крокаў
важкасьць патроіў
наканавана рэчкам…
дыханьне бацькоў зьлілося
наканавана спрэчкам
плавіцца ў сугалосьсі
коціць адзін каменьне
круціць другі пялёсткі
лучацца два струмені
я — іх сутоку плёскат
перамаўляюцца душы
покуль у сьне натхнёна
бацька бастыльлі крушыць
мама гадуе півоні
…зьняці каб людства з крыжа…
…справіць дачушкам вясельлі…
…лодку ў сутоку калыша
…я засынаю ў фатэлі