Калі вецер забаранілі, а сонца ашалела — процьма кусачых аваднёў абсела яго з усіх бакоў. Урэшце ён не вытрываў здзеку і скамянеў.
Авадні зноў ускінулі свае джалы — толькі цяпер абламаліся іх джалы…
Магутны, ён ляжаў абок раллі, як прыступка ў нябёсы. I не варушыўся нават тады, калі яго апякалі маланкі.
Вялікімі святамі мы ішлі да каменя і маліліся там, а ў нядобрыя дні спяшылі да яго вастрыць косы і сякеры. Мы не ведалі, што ён думаў пра нас, але побач з ягонай трывушчай і нам было лягчэй адольваць жыццё.
Потым мы вярталіся дахаты, а ён заставаўся. I тады да яго туліліся буры ды завеі. А ціхімі зорнымі начамі побач збіраліся вякі і стагоддзі. Яны прыходзілі сюды з усімі зданямі і прывідамі былога. Тады ля каменя было не пратаўчыся…
Аднойчы падвячоркам тут запыніўся чалавек з далёкай стараны і пасля ўжо не схацеў вяртацца дадому. Ён збудаваў кузню ўскрай вёскі, і з тае пары мы мелі цвярдзейшыя за крэмень сярпы ды падковы.
– Добры ў нас каваль, — хвалілі мы. — Толькі і ён не можа зрабіць жалеза мяккім.
– Навошта вам мяккае жалеза? — дзівіўся каваль…
Не хутка, не адразу, аднак вырабіў ён кавалак жалеза, мякчэйшага за воск.
– А цяпер выкуй з яго долата, — прыдумалі мы.– I каб было вострае, як джала.
Каваль абурыўся з нашых вымудраў, але ён быў не абы-якім майстрам. I аднойчы ў нядзелю мы са браліся ўсім народам і рушылі да каменя. Каваль выняў з кайстры долата, і я мяккім жалеззем вылашчыў на камені два словы:
Уладзімір Караткевіч
Тут ізноў наляцелі авадні, толькі джалы ў іх ужо былі даўно паабламаныя.
Далей нам заставалася адно дачакацца, калі вызваліцца вецер і аслоніць аблокамі шалёнае сонца.