Я сядзеў уначы пры лецішчы,
калі знічка сарвалася з неба
і схавалася за верхавінамі елак.
– Цікава, – падумаў я, –
ці застаюцца ад іх кругі на небе,
як ад карасіных вуснаў,
што з’яўляюцца над люстрам стаўка,
або ад каменьчыка, які
ў ім знікае?
А калі хвалі ўсё ж разбягаюцца
па начным небе,
дык якую форму яны маюць?
Ці гэтыя засмучэнні прасторы
між зорамі і каметамі
маюць промні, як знічкі,
якія іх спрадзілі. Ці ўсё ж не маюць?
Цікава, а калі згасае чалавек,
дык якую форму мае хваля,
калі праходзіць па газетах і ў эфіры?
Ці залежыць гэта ад формы
і колеру чалавека.
Ці толькі яе даўжыня вызначаецца
вагою асобы?
На стале ў садзе гарэла лямпа,
і хто ведае, да чаго б я дадумаўся,
але тут на ганак выйшаў мой сівы дзед:
– Пайшлі, Андрэю, – сказаў ён. –
Пазнаёмім карасёў
з хвалямі ад дынаміту.