Барыс Пятровіч. Гэтанешчасце?

Рука ўзнятая – ён вітаецца, прыціснутая да грудзей – просіць прабачэння. Жэсты простыя, як у неандартальцаў, як у малпавым статку – як у людзей. Словаў не трэба, дастаткова мімікі. Непасрэднае – неапасродкавае – разуменне. Нічога лішняга.

Хто сумняваецца, што ён пераможа? З тых, што бачаць яго цяпер – ніхто. Бо каб засумнявацца, трэба зрабіць намаганне над сабою, а навошта… Усё зразумела, усё проста: не варта прымушаць сябе не верыць яму. Ён кажа: кожнаму мужу па жонцы, кожнай жонцы па ложку, кожнаму ложку па коўдры, кожнай коўдры… Як справядліва: кожнаму – кожнае! Мы нічога іншага і не жадаем. Мы хацелі пачуць толькі гэта.

Вы за каго? Я за яго! І я за яго! І я! І я! І я! І я!.. За яго!

Гэта сон? Не, гэта ява. Гэта жыццё, якое мы жывем. Прайшло дваццаць гадоў, прайшло трыццаць. Дзеці сталі бацькамі. Ён стаў дзедам. Ён таксама пражыў жыццё. Разам з усімі, разам з кожным. Дзеля чаго? Космас не стаў бліжэй, зямля не стала радней. Людзі не зрабіліся лепшымі, павуцінка не зрабілася таўсцейшай. Мора засталося далёкім, а дзяцінства – недасягальным.

А былі ж яшчэ мары. У кожнага – кожныя. Асабістыя з асабістых. Аднак прыйшоў ён і ўсё пачалі жыць так, як палічыў патрэбным ён, а тыя, хто не забыў пра сваё, хто думаў іначай, ужо даўно не тут. Слова «супраціў» стала сінонімам слова «смерць». Ворагі! Так ім і трэба… І мяне гэта не датычыць. Мая хата – інтэрнат…

Я вельмі люблю яго. Больш за маці, за сваіх дзяцей… І я люблю толькі яго. І я! І я! І я!..

А я яшчэ больш люблю яго… А хто сумняваецца ў тым? Ніхто.

Жыць ды радавацца, радавацца і дзякаваць. Ці ж гэта не шчасьце?

І баяцца толькі аднаго: як мы будзем жыць без Яго?