Ён прачынаўся зь пеўнямі, імчаў
на плошчу, дзе, насупраць магістрату,
трымаў карчму. Ні жонкі, ані брата
зь сястрой ня меў, пра што не шкадаваў
ніколі. І, паколькі сынагога –
ягоных справа рук, абшчына,
як вінаград у гронцы, шчыльна
таўклася ля ягонага парогу.
Ён шмат дзе пабываў. “Каштоўны вопыт
лепш набываць за кошт чужы” – заўсёды
лічыўся з гэтай думкай. З ваяводам
былі сябрамі. І адзіны клопат,
які ўзьнікаў, прычынай меў гастрыт.
Тлумачыў Тору, не любіў руціны.
У трыццаць два гады пачаў тканіну
вазіць з Усходу. Лёгкі флірт
завёўшы нейк з мулаткай гожай,
забіты быў. І плоць, і косьці
ягоныя згнілі ў якойсьці
магіле. Анічога больш ня зможа.