Ірына Бельская. Ён маліўся Алаху…

Ён маліўся Алаху,
Але часам быў ня супраць
Закусіць самагонку свежанінай.

А я любіла Ісуса
І не любіла танцаваць,
А ён любіў,
А я любіла пісаць
Свае вершыкі.
А закусваць свежанінай самагонку
Мне і так можна.

Але мы любілі адно аднога
І верылі, што мы дзеці аднаго
Бога.

Я прасіла яго ў Ісуса,
І пазней высветлілася, што атрымала
Менавіта так, як сфармулявала.
І ён прасіў мяне ў Алаха,
Але таксама, відаць,
Сфармуляваў блага…

Але мы любілі адно аднога
І верылі.

Тыя родныя, што асуджалі,
Ну, пачытаюць яны, можа, вершы –
Ну ўджаляць яшчэ
Але мне – што?
Нічога – верыце?
Я ад пчалінага джала
Тут толькі магу памерці.

Мы так любілі адно аднога,
У нас саміх паверыўшы,
Што нам было на ўсіх напляваць.
Але нядоўга.

Хіба можна пісаць вершы
Калі нават ня ўмееш фармуляваць
Просьбы да Бога?..