Гадоў у восем-у дзевяць
я вельмі зайздросьціў свайму сябруку,
што меў фантастычныя цацкі,
прывезеныя з замежжа:
лякаматывы з вагонамі,
аўтобусы жоўтага колеру,
чырвоныя грузавікі,
легкавушкі, пажарныя
машынкі, салатавыя таксоўкі;
плястмасавыя індзейцы,
якіх было можна абменьваць на каўбойцаў
(хто скажа “каўбояў” – калгасьнік);
плястмасавыя каўбойцы,
якіх можна было, як закладнікаў,
абменьваць на індзейцаў…
Зайздросьціў так, што бацькі
на апошнія грошы
панакуплялі мне рознага шчасьця –
і я супакоіўся.
Але не надоўга.
Мінула трыццаць гадоў –
і вось я ў Амэрыцы, дзе ўвесь час
маю дзіўнае дэжа вю.
Знаёмы колер таксовак,
дызайн пажарных машынак,
грузавікоў і аўтобусаў,
толькі ўсё
чамусьці вялікае і чамусьці
сапраўднае.
А я думаў, такога ў рэальнасьці не бывае,
бо іх проста нехта панавыдумляў,
як прыдумалі Тома Соера,
дзядзю Тома,
Тома і Джэры.
Таму я ўвесь час нэрвуюся –
што адбылося?
Ці я зрабіўся маленькім,
пакаштаваўшы варожае колы
з надпісам “выпі мяне”?
Ці, можа, дзіцячыя цацкі
раптам павырасталі,
пераеўшы хат-догаў
з надпісам “зьеж мяне”?
Або ўсё значна прасьцей:
Амэрыка вельмі вялікая,
і ўсё ў ёй таксама вялікае,
нават маё дзяцінства –
у поўную велічыню.
Усе мае цацачныя індзейцы
вырасьлі так, што валодаюць
шыкоўнымі казіно.
Салатавыя таксоўкі
ганяюць у аэрапорт і назад,
адно пасьпявай ім плаціць.
Што ўжо казаць аб чырвоных
пажарных машынках, якія
абудзяць сырэнай, як толькі
запаліш у ложку.
Мой жоўты школьны аўтобус
сыгналіць на скрыжаваньні,
адвозячы дзетак далёка-далёка,
у трыдзясятае царства канікул.
Каўбойцы
гасьцінна мяне запрашаюць
на фэрму ці ранча,
якое зрабілі ці хутка зробяць музэем.
А іх вялікія дзеці,
на пару хвілін адарваўшыся ад айпэдаў,
слухаюць пра беларускага гулівэра,
які ў дзяцінстве гуляў зь іх бацькамі, –
калі тыя былі маленькімі.