Мы сеялі жыта, гадавалі дзяцей, слухаліся Бога, і нам было добра.
Але неяк прывалокся да нас адзін разумнік і кажа:
– Знайшлі каго слухацца!
– Хіба ёсць хто разумнейшы за Бога? — здзівіліся мы навіне.
– Я, — кажа, — разумнейшы.
Ну, нам дык што… Нам абы было каго слухацца. Пахавалі мы абразы ў куфэркі і пацягнуліся за разумнікам да пушчы. Прывалаклі адтуль кожны па бервяну і пытаемся:
– Куды скідваць?
– Трымайце на плячах, – адказвае. – Цяпер мы з бярвеннямі і есці будзем, і спаць.
– А ці не занадта? — пацікавіліся мы.
– Не занадта, — запэўніў ён. — Інакш яснай будучыні нам ніколі не дачакацца.
Ну, што тут паробіш, калі чалавек усё наперад ведае… Занядбалі мы гаспадарку і, як тыя буслы, шпацыруем з бярвеннямі ад рання да ночы. Усё будучыню выглядваем.
Праўда, часам хто абурыцца:
– На халеру яна нам здалася? Неяк раней без яе абыходзіліся – і нічога.
– А дзе дзецям жыць, калі будучыні не дачакаемся? — дзівіцца тады з нашай дурноты разумнік…
– Год мяняўся годам, ужо бярвенні павысыхалі і зрабіліся лёгкімі, што тыя трэскі, як прывалокся да нас яшчэ адзін разумнік. Між іншым, таксама не з маўклівых. Ну, добра, — кажа, — адорыце вы дзетак будучыняй, а самім куды падзецца, калі Бог да сябе не прыбярэ?
– Дык што, нам зноў адчыняць куфэркі? — пытаемся.
– I абразы на покуць вешаць, — падказвае.
– А ці не занадта?
– Інакш гора вам не абрацца.
Усяму свету вядома, што нават авечкі нам у паслухмянстве саступаюць. Але гэтым разам мы запярэчылі:
– Няма разліку цябе слухаць. Бога і поп на свае вочы не бачыў. А тут усяго мо некалькі крокаў засталося…
I пайшлі. ад яго – далей ясную будучыню выглядваць.