Чэслаў Мілаш. Чалавечыя гісторыі

Гэтыя чалавечыя гісторыі, патэтычныя, вартыя жалю,
Якіх я ніколі не раскажу. Я ўсё думаю,
Што мяне стрымлівала. Мо разуменне,
Што ўсе мы крыху няўклюды,
Якія старанна хаваюць сваю клышаногасць,
Бо паказваць яе – такая самая нетактоўнасць,
Як тыцкаць пальцам у гарбатага. Калі я ўжо
Шаман, дык мушу рабіць свае рытуалы
Трохі вышэй, а не ніжэй ад чалавека.
Каб я мог быць хорам у антычным тэатры
І выступаць у каменных строях,
Плачучы над падступствамі Лёсу!
Але мае гісторыі не былі б манументальныя:
Скамечаныя прасціны, парушаныя клятвы,
Дробныя хітрыкі, скарыстаныя прэзерватывы.
І словы паміж ёю і ім, але такія, каб стала балюча,
Каб той другі адчуў сябе смеццем, утаптаным у зямлю,
Уражаны ў сваіх самых інтымных пачуццях.
Здзек з найшляхетнейшых думак,
Кпіны з узнёслых фантазіяў пра сябе.
Іх жыццё, нібы хваля, узнялася, каб разбіцца аб бераг.
Ойча нябесны!
Не пакідай іх у бездані, без Чыстца і без Пекла,
Заблуканых у лабірынце.
Укладзі ў мае вусны малітву
За нас – за іх, за мяне,
Які мусіў пра іх апавесці
І не апавёў.

2003