Старыя, асабліва цёткі, кідаць камяні не ўмеюць…
Маскаліха хадзіла па вуліцах пасёлка ў доўгай чорнай спадніцы, хустцы, насунутай на вочы, у карычневай кофце і хатніх тапках. Хадзіла хутка і нячутна. Дробная старая цётка, прыгнутая і запалоханая жыццём. Мы, дзеці, бегалі следам, круціліся вакол і крычалі: «Будзільнік, будзільнік, будзільнік!» Яна сварылася, магла няўмела шпурнуць каменем і не патрапіць…
Казалі, што Маскаліха раней працавала на шклозаводзе прыбіральшчыцай. У канторы падлогу шаравала, смецце выносіла. Там і скрала з дырэктарскага кабінета будзільнік. Спадабаўся, напэўна, так моцна, што не змагла стрымацца. Схавала пад спадніцу, а калі выходзіла з завода, то ён пачаў звінець. На прахадной падаў голас. Злодзея затрымалі і з працы звольнілі. Відаць, даўно гэта было, але не забылася. Так яе і звалі — Будзільнікам, а яна злавалася.
Яна магла ісці па вуліцы, няхай сабе і па Кастрычніцкай, раптам спыніцца, скласці далонь ракаўкай, прыціснуць да вуха… Стаяць на адным месцы і паварочваць галаву. Даволі доўга магла стаяць і слухаць толькі ёй чутнае. Можа, далёкае, а можа, і блізкае…
Гэтыя яе нечаканыя прыпынкі пасярод вуліцы палохалі. Можа, яна чула, як бяжыць-кропае час. Абсалютна нябачны, як паветра. Можа, яна ведала, што кожнаму празвініць будзільнік і тады яго звольняць… Мне здаецца, што я раблю старую цётку занадта містычнай і значнай, а яна насамрэч звычайная — трапілася на крадзяжы гадзінніка.
Але што ж яна так уважліва слухала?