Аднойчы я пайшоў у школу без галавы. Кажучы шчыра, гэтае аднойчы, апасьля таго аднойчы, здаралася ўжо не аднойчы й ня двойчы, й нават больш за тройчы. Гэта ператварылася спачатку ў добрую традыцыю, а потым ужо й у звычку, ад якой немагчыма пазбавіцца нават пры дапамозе спецыяльных пластыраў. Апасля мяне усё болей і болей навучэнцаў нашай школы пакідалі свае голавы ў хаце, гэта з цягам часу ператварылася ў нешта кшталту моды. Дырэкцыя спрабавала змагацца з гэтаю зьяваю, але як і ў выпадку з джынсамі, ейная барацьба скончылася безвынікова. Адзінае, што яны здолелі зрабіць, дык гэта прымусіць усіх насіць на грудзях бэджык з іменем, прозьвішчам й групай крыві.
Ведаеце, часам бывае, праснешся а сёмай і думаеш, можа, лепей яшчэ паўгадзіны паваляцца зэканоміўшы час на сняданку, галеньні й водных працэдурах… Менавіта ў адну з такіх раніц я і пакінуў галаву дома. Я ўстаў з ложка, а тая засталася ляжаць на падушцы. Яна так салодка спала, што я не адважыўся абудзіць яе. Я накрыў яе коўдраю, каб тая не замерзла й пагладзіў па шчацэ. Няхай яшчэ паспіць, падумаў я. Апасьля накіраваўся на кухню, наліў у шыю два кубкі гарачай кавы й пайшоў апранацца. Усё было як звычайна, апроч таго, што капелюш я не апранаў, бо нашто капелюш, калі ты пакінуў галаву дома.
Сёньня на вуліцы часцяком можна сустрэць чалавека без галавы. Гэта нават не ўспрамаюць як фізычны недахоп. Людзям без галавы ўжо не саступаюць месца ў трамваі, без галавы вы ніколі не праедзеце па ільготным талоне за палову кошту. Тады ўсё было інакш, на мяне азірался, паказвалі пальцам, нават адзін раз праверылі дакументы.
Праз усю гэтыю ўвагу на першы урок, матэматыку, якую я вельмі не любіў, а тая адказвала мне ўзаемнасцю, вядома, спазніўся. Калі я зайшоў у клясу ўсе сядзелі й у нечалавецкіх пакутах вылічвалі значэньне дыскрэменанта.
– Ты спазніўся на дзесяць хвілінаў. Дзённік на стол, – сказала настаўніца, нават не паглядзеўшы на мяне.
– На жаль, я забыўся на яго, – адказаў я.
– А на галаву ты не…, – яна ня здолела скончыць фразы, бо мой выгляд яе, напэўна, вельмі здзівіў. Так, вучань бяз галавы, гэта зусім ня тое, што вучань з галавою. Яна моўчкі загадала мне сесьці, махнуўшы рукою у бок маёй парты, дзе я ўжо трэці год сядзеў з завуканкай, й шасьцёркай, Наталкай Прайгерман, якую я з невядомай прычыны надзвычай кахаў, а тая, у адрозненні ад матэматыкі аніяк не жадала адказваць мне ўзаемнасцю.
Мой першы дзень без галавы праляцеў як адно імгненне. І вось я ўжо зноў ля свайго ложка, а галава так і ляжыць на падушцы. Я пагладзіў яе па шчацэ, лёг побач й у хуткім часе заснуў.