Андрэй Хадановіч. Балада пра трыццаць восьмы тралейбус

Трыццаць восьмы тралейбус запальвае свае бартавыя агні:
няма чаго болей рабіць на прыпынку – лепей на вышыні.

Палёты ўзімку? Ніколі. Ясна і крумкачу.
Але ў кіроўцы тралейбуса калядныя зоры ўваччу.

Надвор’е шэпча – нялётнае, і праўды няма ў крыле,
і святлафор заікаецца на чырвоным святле.

“Чырвоная Маска Смерці”, – сказаў бы тут Эдгар По.
Але трыццаць восьмы тралейбус не пойдзе сёння ў дэпо.

У сведкаў пад шапкай зімовай дыба ўстаюць валасы,
калі трыццаць восьмы ад ледзяной адрываецца паласы.

Як ад вальсу, галовы кружацца ў пасажыраў і іхных дам.
“Тралейбус ляціць у неба. Наступны прыпынак – там…

Не забывайце аплачваць, — чуецца, як пароль, —
на паветранай лініі сёння працуе кантроль…

Забараняецца размаўляць з кіроўцам увышыні…
Пераканаўчая просьба мацней падцягнуць рамяні…

Не кампастуйце талонаў, маючы праязны…
Саступайце анёлам сталага веку, інакш саступяць яны…

Бізнэс-кляса для пасажыраў з дзецьмі ды інвалі…»
Болей абвестак з неба не чуваць на зямлі.

Тралейбус ляціць уверсе, унізе плыве яго цень.
Нябесны дыспетчар стаміўся лічыць:
трыццаць восьмы тралейбус за дзень!