урывак
Аднойчы ўвечары, хутка пасля майго прыбыцця, калі мы сядзелі за
шклянкай партвейну пасля вячэры, малады Трэвар завёў гутарку пра маю
практыку назіранняў і высноў, якая ўжо на той час аформілася ў
сістэму, хоць я тады яшчэ не ўяўляў, якую ролю яна адыграе ў маім
жыцці. Стары відавочна вырашыў, што ягоны сын перабольшвае, апісваючы
адзін ці два выпадкі, дзе я паказаў яе ў дзеянні.
― Дык што, містар Холмс, ― сказаў ён з вясёлым запалам. ― Пакажыце мне
вашае ўмельства, ці дапаможа дэдукцыя нешта расказаць пра мяне?
― Баюся, што няшмат, ― адказаў я, ― мяркую, што апошнія дванаццаць
месяцаў вы пражылі, асцерагаючыся, што нехта можа напасці на вас
асабіста.
― Усмешка знікла з ягоных вуснаў, і ён вытарапіўся на мяне ў вялікім здзіўленні.
― Па-шчырасці так і ёсць, ― пацвердзіў ён і паглядзеў на свайго сына.
― Ведаеш, Віктар, калі мы разагналі тую банду браканьераў, яны
пагражалі ўсіх нас зарэзаць. І сапраўды было пакушэнне на сэра Эдварда
Холі. З таго часу я заўжды пільнуюся, але ўявіць не магу, як вы пра
гэта здагадаліся.
― У вас вельмі прыгожы кій, ― адказаў я, ― Па пазнацы на ім я бачу,
што купілі вы яго год таму, пры гэтым парупіліся прасвідраваць у
булдавешцы ёмістасць і заліць туды свінец, каб ператварыць кій у
сур’ёзную зброю. Мяркую, вы не ўзялі б на сябе гэты клопат, калі б вам
не было чаго баяцца.
― А яшчэ што-небудзь раскажаце? ― спытаў гаспадар дома з усмешкай.
―У юнацтве вы займаліся боксам.
― Зноў у кропку. Але як? У мяне што, нос трохі скрыўлены?
― Не, ― адказаў я, ― Вас выдаюць вушы. Яны прыціснутыя і таўставатыя,
як у баксёраў.
― Яшчэ штосьці?
― Вам давялося шмат капаць, пра гэта кажуць вашыя мазалі.
― Усе мае грошы я зарабіў на залатых капальнях.
― Вы бывалі ў Новай Зеландыі.
― Зноў рацыя.
― Наведвалі Японію.
― Было такое.
― І вы блізка дачыняліся з кімсьці, чые ініцыялы Дж. А., пра каго вы
потым пажадалі забыць назаўжды.
― Містар Трэвар марудна ўзняўся, яго вялікія блакітныя вочы глядзелі
ня мяне агаломшана. А потым ён згубіў прытомнасць, абрынуўшыся на стол
тварам проста ў арэхавае шкарлупінне, якім быў усыпаны абрус.
Можаце ўявіць сабе, Ўотсан, наколькі мы абодва, я і ягоны сын, былі
шакаваныя. Тым не менш, ягоны прыступ быў нядоўгім. Калі мы расшпілілі
яму каўнер і папырскалі ў твар вадой з місачкі для спалосквання
пальцаў, раз ці два ён сутаргава ўцягнуў ротам паветра і сеў.
― Вох, хлопцы, ― сказаў ён са змушанай усмешкай, ― спадзяюся, я вас не
вельмі напалохаў. Выглядаю я моцным, але сэрца ў мяне слабое, мне шмат
не трэба, каб паваліцца. Не ведаю, як вы з гэтым патрапляеце, містар
Холмс, але ўсе дэтэктывы, і прафесійныя, і аматары, у параўнанні з
вамі проста дзеці. Ваш кон ― займацца гэтай справай, паверце слову
чалавека, які тое-сёе пабачыў на свеце.
Гэтая парада, хоць і заснаваная на перабольшанай ацэнцы
прадэманстраваных мною здольнасцяў, была, калі вы дасцё мне веры,
Ўотсан, першым штуршком да таго, каб я адчуў, што занятак, які раней я
разглядаў як хобі, можа зрабіцца прафесіяй. Што праўда, у той самы
момант я быў больш заклапочаны раптоўным нездароўем гаспадара дома,
каб думаць яшчэ пра нешта.
― Спадзяюся, я не сказаў нічога, што закранула вашыя пачуцці? ― сказаў я.
― Ведаеце, вы, натуральна, зачапілі адну далікатную тэму. Я магу
спытаць, як вы даведаліся, і наколькі шмат вам вядома?
Ён казаў ужо быццам паўжартам, але ягоны погляд ўсё яшчэ выдаваў
прытоеную боязь.
― Вельмі проста, ― адказаў я. ― Калі вы загалілі руку, каб перакінуць
рыбіну ў лодку, я пабачыў, што на локцевым згіне вытутаяваныя
ініцыялы. Літары яшчэ чытаюцца, але па іх размытасці і тым, як
афарбавалася скура вакол, абсалютна ясна, што татуяванку спрабавалі
звесці. Відавочна, што ініцыялы для вас калісьці нешта значылі, але
потым вы пажадалі забыць іх.
― Якое ж у вас вострае вока! ― выгукнуў ён з палёгкай. ― Усё дакладна
так, як вы сказалі. Але давайце больш не будзем пра гэта. Ад усіх
прывідаў найгоршыя ― прывіды нашых колішніх любовяў. Хадзем у
більярдную, памаўчым і выкурым па сігары.
З таго дня пры ўсёй гасціннасці, якую выказваў мне містар Трэвар, у
яго стаўленні да мяне з’явілася насцярожанасць. Гэта было зразумела
нават ягонаму сыну.
― Вы так уразілі бацьку, што цяпер ён ніколі не зможа быць упэўненым у
тым, што вам вядома, а што не.
Мяркую, старому не хацелася гэтага паказваць, але трывога так моцна
засела ў ім, што заўважалася ў кожным яго дзеянні. Нарэшце я зразумеў,
што трэба заканчваць свой візіт, каб той перастаў пачувацца няёмка.
Але за дзень да майго ад’езду здарылася нешта, што пасля выявілася
надзвычай важным.
Мы ўтрох насалоджваліся сонцам і цудоўным відам на Бродс, седзячы ў
садовых крэслах на газоне, калі ўвайшла пакаёўка і сказала, што ў
дзвярах чакае нейкі чалавек, які хоча пабачыцца з містарам Трэварам.
― Як яго завуць? ― спытаў гаспадар дома.
― Ён ніяк не прадставіўся.
― Дык чаго ён хоча?
― Гаворыць, што вы яго ведаеце, і ён хоча перамовіцца з вамі.
― Праводзьце яго сюды.
Неўзабаве мы пабачылі невысокага зморшчанага суб’екта, трымаўся ён
несамавіта, пры хадзе шоркаў нагамі. На ім былі расшпіленая куртка з
плямай ад дзёгцю на рукаве, кашуля ў чорную і чырвоную клетку,
парусінавыя штаны і вельмі зношаныя цяжкія боты. З яго загарэлага
худога тварыку не сыходзіла прышпіленая ўсмешка, што адкрывала няроўны
шэраг жоўтых зубоў. Свае зморшчаныя рукі ён трымаў жменяй, як гэта
робяць маракі. Калі госць ішоў праз газон, містара Трэвара ўзяла
нейкая дзіўная гарлавая ікаўка. Спахапіўшыся з крэсла, ён пабег у дом,
але вельмі хутка вярнуўся і, калі праходзіў паўз мяне, я адчуў ад яго
моцны пах брэндзі.
― Дык што, браце, ― сказаў ён. ― Чым магу дапамагчы?
Марак глядзеў на яго, паўпрымружыўшы вочы, усё з той жа гадкай
усмешачкай на твары.
― Не прызнаеце мяне? ― спытаўся ён.
― Чакайце, дык вы ж Хадсан! ― усклікнуў містэр Трэвар, быццам здзівіўшыся.
― Самы ён, Хадсан, сэр, ― адказаў марак. ― Больш за трыццаць гадоў мы
з вамі не бачыліся. Вось вы ўжо і дом займелі, а я ўсё яшчэ саланіну з
бочкі цягаю.
О вы пабачыце, што я не забыў старыя часы, ― гучна прамовіў містар
Трэвар, і, падышоўшы да марака, штосьці ціха сказаў таму. ― Ідзіце на
кухню, ― працягнуў ён у голас, ― вас накормяць і напояць. Я ўпэўнены,
што мы вырашым вашу сітуацыю.
― Дзякую, сэр, ― дакрануўшыся пальцамі да чупрыны[1], адказаў мараход.
― Апошнія два гады я хадзіў на васьмівузловым грузавым судне, дзе было
мала ахвотнікаў працаваць, мне б адпачыць ужо. Падумаў, што падамся да
містара Бедоўса або да вас.
― О, ― выгукнуў Трэвар. ― Вы ведаеце, дзе містар Бедоўс?
― Барані вас божа, сэр, я ведаю, дзе ўсе мае старыя прыяцелі, ―
адказаў госць, усё гэтак жа непрыемна пасміхаючыся, і пацягнуўся за
пакаёўкай на кухню.
Містар Трэвар штосьці прамармытаў нам пра сваё таварышаванне з гэтым
чалавекам яшчэ да залатых капальняў. Потым ён пайшоў у дом, а мы
засталіся на дварэ. Калі праз гадзіну мы таксама зайшлі ў будынак, то
пабачылі, што ён напіўся да непрытомнасці і ляжыць на канапе ў
гасцёўні. Гэты выпадак непрыемна ўразіў мяне, і я ані кроплі не
шкадаваў, калі наступным днём паехаў з Даніторпа, каб болей не
турбаваць майго сябра.
Усё гэта здарылася цягам першага месяца доўгіх вакацыяў. Я вярнуўся ў
сваю лонданскую кватэру і сем тыдняў прабавіў за эксперыментамі ў
арганічнай хіміі. Але аднойчы, калі ўжо надышла восень, і вакацыі
амаль скончыліся, мне прыйшла тэлеграма, у якой сябар вельмі прасіў
мяне зноў прыехаць у Даніторп, бо меў вялікую патрэбу ў маіх парадах і
дапамозе. Натуральна, што я кінуў усе свае справы і яшчэ раз
выправіўся паўночным накірункам.
На станцыі ён сустрэў мяне на двухмясцовым экіпажы, і я адразу
заўважыў, якімі цяжкімі выдаліся для яго прамінулыя два месяцы. Ён
змарнеў і выглядаў стомленым, страціўшы ўласцівую для яго вясёлую
гаманлівасць.
― Бацька памірае, ― гэта былі першыя словы, якія ён мне сказаў.
― Не можа быць! ― выгукнуў я. ― Што з ім здарылася?
― Апаплексічны ўдар, нервовае ўзрушанне. Увесь дзень ён вельмі слабы.
Не ведаю, ці мы яшчэ заспеем яго жывым.
Як вы можаце здагадацца, Ўотсан, мяне скаланула ад такіх нечаканых навінаў.
― Але з-за чаго гэта ўсё? ― спытаў я.
― О, вам варта пра гэта паслухаць. Сядайце ў экіпаж, мы пагаворым па
дарозе. Памятаеце чалавека, які прыйшоў да нас увечары перад вашым
ад’ездам?
― Памятаю вельмі добра.
― Ведаеце, каго мы тады ўпусцілі ў дом?
― Каго ж?
― Сапраўднага д’ябла, Хомс! ― выгукнуў ён.
― Я паглядзеў на яго агаломшана.
― Сапраўды, гэта было д’ябальскае насенне. Мы больш не мелі спакойнай
часіны. Бацька з таго вечара не паднімаў галавы, а цяпер ён пры смерці
пасля ўсіх пакутаў, і ўсё праз гэтага клятага Хадсана.
― Дык якім чынам ён уплываў на вашага бацьку?
― Я б шмат аддаў, каб даведацца. Сардэчны, дабрадзейны, мой дарагі
стары бацька. Як ён мог падпасці пад уплыў такога злачынца? Але я так
рады, што вы прыехалі, Холмс. Я вельмі давяраю вашаму меркаванню і
розуму, ведаю, што вы кепскага не параіце.
Мы імчалі роўнай і светлай прасёлкавай дарогай, перад намі ў чырвоным
святле вечаровага сонца сцяліліся разлогі Броўдса. Праз дрэвы па левы
бок дарогі я мог бачыць высокія дымаходы і флагшток сядзібы міравога
суддзі.
— Бацька зрабіў гэтага чалавека садоўнікам, ― сказаў мой таварыш, ― а
потым, паколькі той застаўся незадаволеным, яго падвысілі да
дварэцкага. Цяпер ён мог рабіць ў доме ўсё, што хацеў, чым ён і
займаўся. Пакаёўкі скардзіліся на яго п’янства і брыдкаслоўе. Тата
ўсім падняў плату за службу, каб кампенсаваць ім раздражненне ад яго
выхадак. Гэты чалавек мог узяць бацькаву лодку і яго найлепшую
стрэльбу, каб пабавіцца паляваннем. І ўсё з такой мярзотнай ухмылачкай
і нахабствам, што калі б ён быў майго веку, я б ужо дваццаць разоў яго
пабіў. Кажу вам, Холмс, мне даводзілася з усіх сіл стрымліваць сябе
ўвесь гэты час, і цяпер я задаю сабе пытанне, ці не зрабіў бы я як
наймудрэй, калі б ўсё-ткі не стрымаўся.
Справы нашыя ішлі ад кепскага да горшага, гэтая жывёліна Хадсан
рабіўся ўсё больш дакучлівым, пакуль нарэшце, пасля таго, як ён
дазволіў сабе нагрубіць бацьку у маёй прысутнасці, я не ўзяў хама за
плечы і не вывеў прэч.
Твар у яго пры гэтым быў барвовы ад злосці, погляд люты, думаю, вочы
перадавалі яшчэ больш нянавісці, чым мог бы выказаць ягоны язык. Не
ведаю, што і як ён казаў майму бацьку пасля гэтага выпадку, але
наступным днём бацька папрасіў мяне зрабіць ласку выбачыцца перад
Хадсанам. Як можаце здагадацца, я адмовіўся і спытаў бацьку, як можа
ён дараваць гэткаму шэльме такія вольнасці ў дачыненні з сабой і
ўсімі, хто ў доме.
― О, мой хлопчык, ― адказаў ён мне. ― Разумею, як гэта выглядае, але
ты не маеш ўяўлення пра маё становішча. Але ты даведаешся, Віктар.
Бачу, што мусіш даведацца, і хай будзе, што будзе. Ты ж не дасі веры,
калі пра твайго старога бедака-бацьку скажуць дурное, праўда ж, сын?
Калі ён казаў гэта, то быў вельмі ўзрушаны. Потым зачыніўся ў кабінеце
на цэлы дзень, і я бачыў праз вакно, што ён увесь час штосьці піша.
Тым вечарам здарылася нешта, што, як на мяне, мусіла прынесці вялікую
палёгку. Хадсан заявіў, што пакідае нас. Ён зайшоў у гасцёўню, калі мы
вячэралі, і грубым прапітым голасам паведаміў пра свой намер.
― Хопіць з мяне Норфалку, ― сказаў ён. ― Паеду пабачуся з містарам
Бедоўсам ў Хэмпшыры. Мяркую, ён будзе гэтак жа рады сустрэчы са мною,
як і вы.
________________________________
[1] Дакрануцца да сваіх валасоў на лобе ― старамодны жэст павагі да
кагосьці, хто займае вышэйшую пасаду за цябе.