“Зорка Венера ўзышла…”
Не, гэта не пачатак рамансу,
і нават не чорная мша.
Гэта пазыўныя ў менскім метро.
“Паважаныя пасажыры,
не падыходзьце да краю платформы!
Не заходзьце за абмежавальную лінію!
І не азірайцеся,
напрамілы Бог, не азірайцеся!..”
Але ён такі азірнуўся.
Некалі ён іграў на скрыпцы
у падземным пераходзе,
і граў так,
што з усіх бакоў збіраліся
бяздомныя коткі й скінхэды,
і першыя клаліся ля другіх,
зачараваныя музыкаю.
Калі ён запільваў
“Dance me to your beauty with a burning violin”,
спыняліся ўсе навакольныя сабакі –
нямецкая аўчарка
і трое ейных спадарожнікаў ва ўніформе.
А аднойчы спынілася яна,
каб дакрануцца вуснамі да вуснаў
і адразу ж знікнуць у метро.
“Сука!” –
казаў ён назаўтра,
абмацваючы герпес
і, зрэшты, зусім не жадаючы
пакрыўдзіць аўчарку ды іншых…
Потым былі ўцёкі й спробы схавацца
між пральняй і станцыяй “Інстытут культуры”.
На трэція содні хавання ў метро
ён зноўку пабачыў яе.
Яна ўсміхнулася, даючы зразумець,
што пойдзе за ім паўсюль,
і яны пайшлі: ён спераду, а яна за ім.
“Не азірайся,
напрамілы Бог, не азірайся!” –
падказваў унутраны голас
і ўсе супрацоўніцы менскага метрапалітэна.
Але ён такі азірнуўся і –
вядома ж, яна аслупянела,
зрабіўшыся калонаю з выявай дзяўчыны.
(Цяпер яе лёгка знайсці на станцыі метро
сярод іншых персанажаў Якуба Коласа.)
“Мой родны кут, як ты мне…
Паважаныя пасажыры,
пры карыстаньні эскалатарам
не апускайце рэчаў
на прыступкі й парэнчы!
Пазбягайце трапляння душы
ў шчыліны
між рухомымі й нерухомымі
часткамі эскалатара!..”
Тыя, хто чакаў
скрыпкі ў падземным пераходзе,
абламіліся – ён не выйшаў.
Ён знік у нетрах, і
няма таго, што раньш…
І толькі надпіс “Плошча Незалежнасці”
паўзверх надпісу “Плошча Леніна”
даводзіць, што ён покуль яшчэ жывы.