апоўначы жыве сваім жыццём
вялікі горад. Я на самым цэнтры
перабіраю ў пальцах еўрацэнты —
аскепкі дзён, маіх апошніх дзён.
Каханнем сеялі, ды не ўзышло жыццём.
Перабіраю ў сэрцы сантыменты.
Ты думаў, справа не ў сантыметрах?
Я расчарую: у сантыметрах. Ём…
Жыццём кіруе Дон Кандом-Рандом —
каб апісаць, хапіла б і абзацу:
яна ў снах прымроіла палацы,
а ты вядзеш яе ў свой сціплы дом…
Ты ўсё не можаш у жыццё найграцца,
ідзеш канём, мяшаеш з колай ром,
і раптам выбліск — ты з адкрытым ртом —
апошня ўсмешка папараццы.