Хлопчык трох гадоў
крочыць побач з маці,
а потым як зваліцца,
як трахнецца аб асфальт!
Каленка разбітая ў кроў,
але не плача,
трохгадовыя мужчыны не плачуць,
падымаецца, атрасаецца
і незалежным тонам прамаўляе:
“Ледзь не ўпаў!”
Хлопчык чатырох гадоў
ляжыць на аперацыйным стале
і вось-вось заплача,
бо які ён ужо мужчына,
калі цёця доктар корпаецца
чымсьці жалезным яму ў пісі,
дзякуй, хоць бацькоў не пусцілі.
Хлопчык пяці гадоў
дачакаўся смачнай перадачы
у свой загарадны туберкулёзны санаторый,
і на радасцях з’еў яе ўсю,
вось толькі памыліўся шафаю,
а потым дзяўчынка нешта шукала ў ёй,
нічога не знайшла й заплакала,
і хлопчык з ёй за кампанію,
бо хрэн з імі, з апельсінамі,
у санаторыі каранцін
і бацькоў зноў не пусцілі,
вунь яны там, за акном,
машуць яму рукамі,
покуль ён жарэ чужую перадачу…
Бацька трохмесячнай дачкі
па дарозе ў лазерную клініку
падслухоўвае размову.
Хлопчык трох гадоў
крочыць побач з маці.
“Мама, а ведаеш, ты таксама памрэш!”
“Што ты такое вярзеш?!
Ты што, хочаш, каб твая мама памерла?”
“Не, я не хачу. Я проста нагадваю”.
Госпадзе,
хай доктарка з лазернай лінзаю не памыліцца,
беражы ў дарозе ўсіх Тваіх раздзяўбаяў,
усіх сляпых
і тых, каму сёння закапалі вочы.