Андрэас Грыпіюс. Да дня яго нараджэння (пер. В. Сёмуха)

Я дзякую, Гасподзь! што чынам нас Ты ўважыў!
Я дзякую, Гасподзь! што на сабе спазнаў
Я моц рукі Тваёй і сілу творчых спраў,
Што ў лоне матчыным мяне, cвой твор, узважыў,

Сьвятлом сваім сагрэў, у шатах спратаў нашых
Душу ўва мне адкрыў. І чэлесы мне даў,–
А цела, ногі, ўзоры вен — цудоўны дар —
Шэдэўрам, цудам гэтым Ты мяне ўпасажыў.

Вышэй за цуд, Садзецель мой! што даў спазнаць,
Мне, чарвяку, твой твор і Творцам Бога зваць,
Чым я зь зямлі ўзвышаюся ў Твае нябёсы.

Вышэй за цудаў цуд, — што Ты мяне адкрыў
І ў духу мне надзею на сябе стварыў,
Што я, Дзівосны Бог, пяю Твае дзівосы.