Галіна Дубянецкая. Амарылісы

амарылісы амарылісы
запалілі ў сьцюжу пакой
пасварыліся пасварыліся
сэрца з розумам
цела з душой

амарылісы амарылісы
гэта вокны сплываюць крывёй
раптам раны старыя адкрыліся
і жахнулі сваёй глыбінёй

вусны колеру амарылісаў
ліхаманкавы неспакой
як жа лёгка мы дружа скарыліся
ледзь крануўшы вагонь рукой

кроў пунсовая амарылісаў
а за вокнамі белы шал
што згадаць каб зноў памірыліся
сэрца з розумам
з целам душа

амарылісы амарылісы…