На дрэве нехта жыў. Саша даўно гэта западозрыў. Таму вакно на варыўні, пад якім расло дрэва, ён ніколі не расчыняў. Той, хто жыў на дрэве, ужо адным сваім існаваннем спакушаў яго адчыніць вакно, каб пазнаёміцца. Саша не зайздросціў таму, хто жыў на дрэве, а той не зайздросціў яму — яны не былі ворагамі, а значыць рана ці позна знаёмства павінна было адбыцца. І гарантыяй таму была іхняя адзінота.
Аднойчы да Сашы прыйшла жанчына. Яна была п’яная і прыйшла аддацца. Яна называла сябе курачкай, а потым лісічкай. Гэта гучала ласкава, кранальна і вабна. Хітрая лісічка пекнай курачкай прынесла сябе да Сашы, каб задаволіць сваю патрэбу ў мужчыне. Калі ў Сашы ўзнікала падобная праблема, ён таксама ішоў да яе і яна ніколі яму не адмаўляла. Нават калі была цвярозаю.
Саша сябе ніяк не называў — ні пеўнікам, ні іншай птушкаю ці зверам. Ён проста спаражняў сябе. Вось такім чынам яны і дапаўнялі адно аднога, астатні час жывучы ў адзіноце пустых пакояў. Яны існавалі побач і толькі зрэдку, насуперак геаметрыі, перасякаліся іхнія паралельныя жыццёвыя дарогі.
Яна сядзела на варыўні спінаю да вакна, піла гарбату — размяклая і салодкая. Пажадная. Той, хто жыў на дрэве, відаць, гэта адчуў. Адчуў жанчыну, якой трэба мужчына. І таму, калі яна пайшла ў пакой распранацца і класціся ў ложак, ён пастукаў галінкаю дрэва ў вакно. «Не расчыняй!» — загадаў Сашу ўнутраны голас, але на гэты раз стрымацца ён не змог. Яму карцела даведацца: хто там, хто жыве на дрэве… Ён быў не адзін і быў смелым.
Саша расчыніў вакно. Вячэрні вецер крутнуўся па варыўні і вынес яе пахі на вуліцу. На дрэве нікога не было. Галінка, якая шкрабнула па шыбе, матлялася перад Сашавым тварам.
І Саша зразумеў — на дрэве жыла ягоная адзінота. І ёй было адзінока без яго, а яму — без яе. Яшчэ трохі і ён мог бы звар’яцець у гэтым пакоі ад адзіноты, што жыла пад вакном…
— Гэй, — паклікала Сашу жанчына, — ты што, заснуў там?
Саша прыгадаў ейныя п’яныя вочы, слінявыя вусны, не — губы… Расчыніў лядоўню, дастаў пляшку гарэлкі, наліў поўную шклянку, выпіў і пайшоў у пакой. Але думкі, што пасяліліся ў ім, ён нават гарэлкаю выгнаць не мог: «Цяпер, калі адзінота перабралася з дрэва да мяне — як я буду жыць? Як мы будзем жыць?..» Быў толькі адзін сродак пазбавіцца яе — забіць. Але забіць яе — забіць сябе…
— Што з табою — спытала жанчына і Саша заўважыў, што сядзіць на ложку голы і ніяк не рэагуе на ейныя ласкі.
— Я не хачу паміраць, — сказаў ён, — я хачу жыць…
— Дык жыві, — сказала жанчына, — жыві! Давай жыць разам!
«Жыць разам? — падумаў Саша. — А, можа, гэта і сапраўды самае мудрае выйсце: жыць разам…» — і адказаў:
— Давай.