Адліга ў Вільні

Алдліга ў Вільні: плавіцца цячэ дарожны, брудны лёд,
Блішчаць каменьні ў цёмна-сінім бруку, ручаіны бруяцца,
У хмурна-белым небе кропачкі птушыных дробных целаў,
Нібыта мак на пірагу нясьпечаным, яшчэ жывым і дрогкім,
Карункі плесьні на мурах красуюць, нібыта карты капітанаў,
Расхрыстаныя дзеці без пальчатак і без шапак, безнагодна
Бягуць па лужынах, пускаюць з пырскаў зіхаткія веяры,
Усё навокал пахне божым сокам такой жаданай, блізкае вясны,
Карчмар сьпяшаецца памыць вітрыну, быццам не адліга,
А вясна ізноў-наноў у Вільню назаўсёды завітала.
З маленькіх фортачак цякуць мелодыі фальклорных перагудаў,
Нібыта гудасы зь яўрэямі яшчэ жывуць у беларускай Вільні.
Так, юдасы і гудасы шчэ граюць на скрыпачках і дудачках сваіх.
Так, пан Адась Міцкевіч усё яшчэ чытае Ганьне Крымскія санеты,
А Юзік Броцкі на маленькай кухні мармыча неразборлівыя словы.
Юнак Максім, каторы Багдановіч, шукае безназоўнае каханьне.
Па адліжнай Вільні паэзія цячэ па шчыльнай чырвані дахоўкі,
Цячэ па дужых вежах у завузкія, крывыя, нашы вулкі.
Смак слоў яўрэйскіх, польскіх, нашых чуваць у залатым паветры.
У арках прахадных двароў сядзяць каты мурлатыя, як буды,
Сядзяць за сантыметр ад марцавання крыкушчага і веснавога.
Жанчыны разшпілілі верхні гузік на футрах і зімовых палітонах.
Мужчыны суцяшаюцца гарэлкай у цемрадзі паўсувярэнных бараў,
Яны ня чуюць пах вясны, яны ня ведаюць і пра адлігу ў Вільні.