Антон Францішак Брыль. Вігінтуна

А чацвёртай уначы
Сэрца стомаю скавана,
Ды няможна ўжо ўцячы,
Ды гвалтоўна сон падманны
Думкі й сілы прэч вядзе,
І сядае побач панна
І прадзе наступны дзень.

У таемным рукадзеллі
Мне даецца сэнс і лад:
Валасы мае – кудзеля,
Рэбры лучацца ў варштат
У чатыры локці ўвышкі,
Валасоў не дужа шмат,
Хутка пойдуць жылы й кішкі.

Ўсё паснула; ні вагня
Пад сузор’евай павеццю;
І стаяла б цішыня –
Ды кусты скубуцца веццем
У няветлае вакно,
Плача птушка, вые вецер
І гудзе верацяно.