Чэслаў Мілаш. Элегія для N.N.

Скажы, хіба для цябе гэта так далёка?
Ты б магла прабегчы па невысокіх балтыйскіх хвалях
І за дацкай раўнінай і букавым лесам
Збочыць да акіяну, а там зусім ужо побач
Лабрадор, белы гэтай парою году.
А калі ўжо цябе, што мроіла пра незаселены востраў,
Так палохаюць гарады і мірганне фараў на трасах,
Ты б знайшла лясную сцяжыну праз самыя нетры,
Над сінечаю талых вод, па слядах ласёў і паўночных аленяў,
Аж да пакінутых залатых капальняў
Сьерас. За плынню ракі Сакрамента,
Між пагоркаў, парослых калючым дубам,
А пасля эўкаліптавым гаем. І трапіла б да мяне.

Што праўда, калі цвіце талакнянка,
Калі затока блакітная ўвесну з раніцы,
Я згадваю досыць рэдка пра дом між азёраў
І сеткі, што цягнуць пад шэрым літоўскім небам.
Тая купальня, дзе ты здымала сукенку,
Ператварылася ў чысты абстрактны крышталь.
Цемра згусцілася мёдам каля веранды.
Пах рамянёў і малыя смешныя совы.

Як можна тады было жыць, не ведаю сам.
Стылі і строі зіхцяць і праходзяць па коле,
Усё меней выразна, усё бліжэй да фіналу.
І што нам з таго, што сумуем па рэчы ў сабе?
Веды пра тое, што час наш мінае, спалілі і коней
Ля кузні, і каланаду на рынку мястэчка,
І сходы, і парыкі матухны Флігельтаўб.

Знаеш сама, мы вучыліся шмат чаму.
Як у цябе забіраецца паступова
Тое, чаго забраць немагчыма – мясціны, людзі.
А сэрца не разрываецца, хоць павінна б,
А мы ўсміхаемся, ёсць жа гарбата і хлеб на стале.
І толькі згрызоты сумлення, што бедны попел
Печаў у Заксенхаўзене мог хваляваць нас болей,
Мог турбаваць нас больш ад нашых турботаў.

Ты прывыкла да новых, дажджлівых зімаў,
Да сценаў дому, з якіх змылі кроў нямецкага
Гаспадара, што не вернецца больш сюды.
Я таксама ўзяў толькі тое, што мог – гарады і краіны.
Двойчы не ўвойдзеш у тое самае возера,
Дзе высцілае дно альховае лісце
І аб ваду разбіваецца тонкі праменьчык.

Віны твае і мае? Невялікія віны.
Таямніцы твае і мае? Дробныя таямніцы.
Калі падвязваюць сківіцу хусткай,
у рукі ўкладаюць крыжык,
І недзе брэша сабака, і ззяе зорка.

Не, не таму, што гэта вельмі далёка,
Ты мяне не наведала ў тую ноч або дзень.
З году ў год у нас выспявае, покуль зусім не агорне,
Абыякавасць, добра вядомая мне і табе.

Берклі, 1962