Ворша – страшная станцыя. Тут цягнік прастаяць можа содні.
То, можа, я ў Воршы згубіўся, шасцігадовы,
І цягнік рэпатрыянтаў рушыў, пакінуўшы мяне
Назаўсёды. Так, быццам я зразумеў, што буду
Кімсьці іншым, паэтам іншае мовы й іншага лёсу.
Быццам пабачыў свой скон на берагах Калымы,
Там, дзе марское дно ўсё белае ад людскіх чарапоў.
І мяне скаланула ад вялікай трывогі,
Што стала крыніцай усіх маіх прышлых трывогаў.
Трепет малого перед большим. Перад Імперыяй,
Што паўзе і паўзе на захад, з арканамі, лукамі, ППШ,
На фурманцы, і возніка хвошча па спіне, на джыпе,
У генеральскай папасе, з картатэкай здабытых краінаў.
А я што – я толькі ўцякаю, сто, дзвесце, трыста гадоў,
Па лёдзе й наўплаў, удзень і ўначы, каб толькі далей,
Пакінуўшы роднаму берагу панцыр дзіравы
і куфар шляхецкіх папераў,
Бягу за Дняпро, за Нёман, за Буг, за Віслу.
Ажно прыбываю ў горад высокіх дамоў, доўгіх вуліц,
І мучыць мяне трывога, бо дзе мне, вяскоўцу, да іх,
Бо толькі ўдаю, быццам мне зразумелая хуткая іх гаворка,
Спрабую ад іх схаваць свой сорам, сваю паразу.
Хто мяне тут накорміць, калі крочу пахмурным світанкам
З драбязою ў кішэні, толькі на каву, не болей?
Уцякач з уяўных краінаў, каму я тут буду патрэбны?
Сцены каменныя, вусцішныя, абыякавыя.
Парадак не для майго, для іхняга разумення.
Цяпер сядзі і не рыпайся. Не ўцячэш далей.
1985