Прашу парады, мой дэкане,
Бо на цябе – уся надзея.
Такое рэдкае спатканне,
Што пыха – кепская ідэя.
Рука прыбою б’е па гальцы,
Аж снег бялюткай пены выпаў.
А ў той рукі на кожным пальцы –
Зіхоткія смарагды выспаў.
Змрок наліваецца ліловы
І па тарфянісках ступае.
Над хатамі кыгычуць совы.
У печцы каша закіпае.
Парык. Манжэты. Побач карта,
Што крэсліш ты пяром гусіным –
Дзеля ўсяго, што ведаць варта,
Хоць бы насуперак усім нам!
На гэтай карце, мой калега,
І я шукаў свае маршруты –
Наведаў бераг Брабдынгнегу,
Быў у насельнікаў Лапуты
І ў еху, што гатовы жэрці,
Хоць кормяцца – уласным калам,
І ў рабскім страху жыць да смерці,
Быць шпегам, здраднікам, фіскалам.
Жыццё разбітае на ролі –
Знаёмы з гэтаю і з тою.
Хоць сэрца з’едзенае соллю,
Ды гэта сэрца не пустое,
Бо ў мудрагельскім асляпленні
Мне бачыць не перашкаджала,
Што свет не варты захаплення –
І захапляцца ім да шалу.
Дэкане, дзе такая вадкасць
І дзе знайсці такі пергамент,
Каб створанае мела вартасць,
Каштоўнейшую за атрамант?
Пазыч нам розуму, асветнік,
Як людзям вочы не мазоліць,
Бы той публічны прапаведнік,
Што ў сне ад сораму скуголіць.
Паэты тоўпяцца пры троне
І пра тыранаў пішуць кнігі,
Гнуць спіну торы, і ў паклоне
Ніжэй спіны цалуюць вігі.
Улада цешыць з непрывычкі
Сярод пашаны і бяспекі,
Хоць дастаткова лёгкай пстрычкі –
І вы ўжо ў пекле картатэкі.
Твой дом, дзе ўночы плачуць совы
І па-ірландску дождж цярусіць,
Надзейнейшы за мармуровы,
Дзе лаўрэат дрыжыць і хлусіць.
А ты гаворыш нам: “Людская
Гісторыя трывае, верце!
І хто канца яе чакае –
Загінуў незваротнай смерцю.
Цягні свой флот, нашчадак славы,
На нітках недасяжнай мары,
А ліліпуцкія дзяржавы
Пабіць каменнем – хопіць хмары.
Пакуль твае зямля і неба,
Шукай і за мяжой шукання,
Усё астатняе – ганебна”.
Я паспрабую, мой дэкане.
Вашынгтон, 1947