чорна-белы верш
Я лейтэнант Альда Рэйн і я збіраю спецатрад.
Мне трэба восем байцоў, восем амерыканскіх габрэяў (…)
Нас закінуць у Францыю як цывільных.
Мы распачнем там няхілую партызанку.
Мы будзем рабіць толькі адну рэч.
І гэтая рэч – мачыць нацыстаў. (…)
Кожны суччын сын у нацысцкай форме здохне (…)
Немцаў будзе ванітаваць ад нас.
Немцы будуць гаварыць пра нас.
Немцы будуць баяцца нас.(…)
Калі вы са мной, кожны з вас вінны мне асабіста.
Кожны з вас прынясе мне па сотні нацысцкіх скальпаў.
Дайце мне іх.
Ты, ты і ты
здыміце для мяне па сотні скальпаў з бошак нацыстаў,
або здохніце ў працэсе.
Inglourious Basterds by Quenteen Tarantino
марка швейнай машынкі, якую
мне ў дзяцінстве купілі бацькі
ў пенсіянеркі доры ёсіфаўны,
ў сталінцы над нацбанкам, –
VERITAS.
ведаеце, што гэта значыць
у перакладзе з лаціны, сукі?
VERITAS – значыць праўда таму – падстаўляйце рукі
пад швейную машынку праўды
з нажным прывадам крыўды
– — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — —
я вельмі добра помню той дзень
калі мне купілі машынку
дора ёсіфаўна была міравой жанчынай
дора ёсіфаўна пакавала валізы ў ізраіль
дора ёсіфаўна распрадавала мэблю
дора ёсіфаўна гладзіла мяне па галоўцы
дора ёсіфаўна расказвала, як выжыла ў гета
дора ёсіфаўна вучыла
як размаўляць з настаўніцай працы
калі тая даводзіць
што хвартух крыва пашыты
дора ёсіфаўна бонусам да машынкі
падарыла трос
ад трафейнага месершміта
казала, VERITAS, канешне, фірмА,
ды ці мала што
на, бяры,
харошы
нямецкі
прыдасца, калі крыўда падступіць да горла
прайшло васямнаццаць год
фірмовы трос
пе-
ра-
цёр-
ла
мон шэр барбароса
час трафейнага троса
– — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — —
згодна з інструкцыяй
праўду гавораць так
махавіком падымаюць голку ўверх
белую нітку працягваюць праз пятлю a
між шайбамі b
і спружыну нітканацягвальніка c
пад гачак нітканапрамляльніка d, а затым наверх праз вушка
сустаўнага ніткавага рычага e
ўніз праз нітканапрамляльны канал
да ніткавае пятлі ў голкавым заціску f
і нарэшце злева направа праз гольнае вушка
чорную нітку намотваюць на шпульку
шпульку ўстаўляюць у чаўнок
чаўнок устаўляюць у чаўнок-дзяржальна
махавіком апускаюць голку ўніз
махавіком падымаюць голку ўверх
разам з чорнай ніткай
згодна з інструкцыяй
праўда гатовая да выкарыстання
– — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — —
праўда праўда праўда –
тым, хто цэліў у малако,
а трапіў у мяне выпадкова
праўда праўда праўда –
тым, хто зачапіў мой мікра- і макракосм
(і ў прыватнасці в. рыжкова)
праўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўда –
агідная, як агітка
праўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўдапраўда –
пакуль не скончыцца нітка
– — — — — — — — — — — — — — — — — — — — — —
прапусцім нюансы адрознення дабра ад зла
тым болей, што гэтыя слабакі
не ходзяць інакш, як па двое,
, а праўда заўжды адна
і яна –
стаіць у маім пакоі
праўда – яна як парыж, заўсёды з табою
праўда, яна як чорны і белы берлін – абое-рабое
праўда – яна як мадрыд і бясхмарнае неба над галавою
праўда заганяецца ў цела з крывёю
як у бураціна цвікі,
як у спелы кавун шыпаваныя чаравікі,
як голка швейнай машынкі ў тое, што стане
вялікай белай начнушкай
маленькай чорнай сукенкай
маскарадным строем пінгвіна
тым, што я нарысую
мудрасць за тым, хто мерае,
мужнасць за тым, хто кроіць
цнотны, хто фастрыгуе
праўда за тым, хто стабнуе
нітуе
адмеранае
скроенае
сфастрыгаванае
ў адно цэлае
знізу па вашых пальцах пройдзе чорная нітка
зверху – белая