Генры Алан Фаган. Мой дом стаіць ля мора… (пер. Г. Янкута)

Мой дом стаіць ля мора. Уначы
&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbspчуваць, як б’юцца пенныя валы
&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbspі ля скалы, дзе мой дамок малы,
прыбой шалее злы і хваль бічы.
Чуваць, як бура стогне, равучы,
&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbspбы душы тых, каго пракляў нябыт,
&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbspшто не спачылі між магільных пліт,
чыім пакутам не дапамагчы.

Гарыць агмень, камін дае цяпло.
&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbspЧуваць, як шторм бушуе за акном,
&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbsp&nbspчуваць, як вецер ломіцца ў мой дом,
але ўнутры — утульнае жытло.
Хай ноч, хай навальніца, хай валы —
стаіць скала, а з ёй —дамок малы.

пераклад з афрыкаанс