Петэр Хухель. У гарах Куньлуня

Не падымайся
у горы Куньлуня,
дзе на перавалах
трэба плаціць даніну духам.

Снежныя масы зацямняюць неба.
Над ясенямі
з крыкам лунае
сокал на бурным ветры.
Ён замірае і падае ніцма ў цемру,
туды, дзе бязгучна, у снезе
тоне трэснутая сасна.

Чатыры дні ўверх па стромай сцяжыне,
між уцёсаў і сохлых тамарыскаў.

Снежныя цыпкі на скалах,
пісьмёны, якія не разгадаць.

І ўвесь час
прарэджаны заледзянелы ляск,
які змрокам займае вуха.

І нідзе на шляху
нават самай убогай хаціны
з волкіх яловых ствалоў,
дзе на голай саломе
можна прыткнуць галаву.

Я блукаў у снежна-зыркай начы
і заснуў каля прорвы
ў шэрым шчэбні.

Халодным ранкам,
скрозь святлівае снежнае паветра
я спусціўся ў даліну
і пайшоў па следу лісы.

Ён прывёў да старой шаўкоўніцы
з тонкім прарэзам у кары.

Я адкрыў дзверы кары
і ўвайшоў у дрэва.
З шолахам зачыніліся дзверы.

Нерухомы сядзеў я ў дупле.
Духі з тканіны завейнага снегу
наведвалі мяне па начах
пад гуд гонга і бразгаты барабанаў.

Я глытаў вецер, глытаў расу
і баяўся дыхнуць.

Ці яны мармыталі свае заклёны,
датыкаліся да мяне,
я адчуваў іх, мы сядзелі калена ў калена.
Я жыў у цёмнай невядомасці.

Часам па начах мне вярзлося,
быццам зграя істот збірае снег.
Я хапаўся за паветра, але лавіў толькі холад.

Тут, у пустым целе дрэва
я перажыў учэпісты,
зацягнуты холад вясны,

слухаў ноччу слабы галас духаў,
а ранкам знаходзіў запас
з цвёрдых костачак сціснутага жыцця.

Я заплюшчваў вочы, медытаваў,
глядзеў скрозь кару на свет
і адчуваў сябе вінаватым.

Я заплюшчваў вочы
і бачыў светлых валоў,
запрэжаных у плуг,
што ішлі па веснавых палях.

Я чуў глухі рык
і вытрасаў з валасоў
мокрую гліну.

Я заплюшчваў вочы і бачыў
як дачка гандляра соллю
срэбным сярпом
зразала лісце шаўкоўніцы.

Яна выносіла ў камору
кошык з кормам
для вусняў шаўкапрада.

Я заплюшчыў вочы.
Прыйшлі двое парабкаў,
прыставілі да дрэва пілу
і забілі мяне.