Калі бяда прыходзіць ліловай гарылай,
лічы, ты шчасліўчык.
Прапануй ёй рэшткі абеду і,
адклаўшы ўбок
недачытаную кнігу,
запрасі яе сесці каля твайго ложка.
Яна пераводзіць пагляд з гадзінніка
на тэлевізар і зноў на гадзіннік.
А мне не страшна. Яна была тут раней,
і ўжо я пазнаю яе поступ
на падыходах да майго дому.
Часам уночы, калі я ведаю, што яна прыйдзе,
я адчыняю дзверы, кладуся на спіну
і лічу яе крокі
ад дарогі да ганку.
Сёння яна прынесла стос паперы
і аловак
і кажа мне напісаць імёны ўсіх,
каго я ведаў,
мы падзелім іх на жывых і мёртвых,
а яна выцягне любое імя наўздагад.
Я стаўлю яе любімы альбом Ўілі Нэльсана,
бо яна сумуе па Тэхасе,
але я не пытаюся чаму,
і напявае сабе пад нос,
як мой брат, працуючы ў садзе.
Мы так сядзім з гадзінку,
пакуль яна тлумачыць, як неразумна я паводзіўся,
калі рваў сямейныя фотаздымкі,
адмаўляўся пісаць і прымаць душ,
заглядваўся на дзяўчат, маладзейшых за маю сястру.
І вось яна абдымае мяне сваёй
цяжкой ліловай лапай, туліць
сваю галаву да маёй.
І мне раптам падаецца, гэта так рамантычна.
І я кажу ёй:
«Гэта так рамантычна».
А яна выцягвае новае імя, гэтым разам
памерлага,
і звяртаецца да мяне так, як робяць бацькі,
каб я адчуў няёмкасць і сорам за нешта.
«Рамантычна?» – кажа яна
і чытае павольна ўголас гэта імя,
а я чую кожны гук:
зычныя, што нагадваюць спарахнелую руку, згнілае вуха,
сухі рот, поўны зубоў, галосныя,
што агортваюць косці новымі цягліцамі,
чую гучанне цела таго чалавека.
Якая ж недарэчная
выпадковасць, што гэта імя аказалася ў адным стосе, а не ў іншым.